Даводзілася
сустракаць людзей з такімі энцыклапедычнымі ведамі і такой прагай да жыцьця, рухавых як
метэоры, якія адчуваюць значнасьць кажнай секунды ў гэтым сьвеце, што сваё Я
гублялася недзе ў цернях нікчэмнасьці.
А што раблю я, каб...? Каб што? Зьмяніць сябе, сьвет
вакол сябе? І што наогул я раблю, апрача таго, што павялічваю колькасьць
інфармацыйнага, прадметнага, пачуцьцёвага сьмецьця. Што раблю я, апрача таго,
што трапіў у вір спажывальніцтва, псеўдамастацтва, надуманай дабрадзейнасьці,
уласнае пыхі?
Разам з тым, штодня сустракаю людзей, якія ня бачаць
жыцьцё далей за свой гарод. І мне нейк страшна.
Бо ёсьць адны, якім проста наканавана жыць у сем'ях,
якіх цешаць дробязі побыту, і ім стае любові бліжніх, дзіцячага сьмеху, і часта
яны куды глыбейшыя за тых, хто пабачыў цэлы сьвет...
А ёсьць другія, якія спыніліся настолькі, што іх
задавальняе абсмоктваньне чужых жыцьцяў, якія вар'ююцца праз тое, што ў
кагосьці ёсьць нейкая рэч, а ў іх яе няма, якія лютуюць, калі штосьці не
ўкладваецца ў іх дробных галовах, калі зломваецца сістэма, навязаная ім
інфармацыйнай навалай, якую яны ня ўмеюць кантраляваць, бо той аскепак глуздоў,
які адказвае за думаньне, даўным-даўно аджыў.
Часам мне падаецца, што калі кажнаму чалавеку хоць
раз у жыцьці паказаць вялізную прастору сьвету, дык унутры яго нешта зломіцца,
і нават самы дурны нешта скеміць.
Цудоўна, калі ёсьць людзі, якія хоць і ня ўмеюць
штосьці знайсьці самі, але прынамсі жадаюць пераскочыць праз сваю
штодзённасьць, і рэагуюць на стваральныя сілы вакол сябе, усебакова пашыраць
свой кругагляд, каб не ператварыцца як тое сумнавядомае Балойса ў балота.
Сам
усьцяж стараюся браць за ўзор самых выдатных прадстаўнікоў роду чалавечага.
Стымулюе, калі задаеш сабе такую планку, празь якую, падаецца, немажліва
пераскочыць. І хоць па выніку ты робіш вельмі мала, але ўсё адно добра, што
ёсьць жаданьне імкнуцца да недасяжнага, штось пераадольваць. Тады думаецца:
"Значыць, жыву"
Праект думкі.
За чалавека кажа дзея, а ня слова.
Комментариев нет:
Отправить комментарий